чаго толькі не пачуеш
праз прыгожанькія
прылады ў вушах
якія кожную раніцу
тарпедуюць паўсонны анклаў
на колах
пад назвай
«грамадскі транспарт»
ды што заўгодна
што толькі душа пажадае
і новыя тропы не сваёй мовы
і аркестр віхуроў
пазаземных галактык
і аб'ёмныя гукі
вакол галавы-носу-пальца
і сеанс
аўтаномна-сэнсарна-мерыдыянальнай рэакцыі
пачуеш
як лямантуе завуголле
вялікага горада
ды насміхаецца хлусня
як марсаход дыхае
разам з планетай
па якой ходзіць
як выхаваны аўтамат
найноўшай мадэлі
вітае гаспадара навушнікаў
ухваляе гаспадара навушнікаў
выгульвае яго
нават пачуеш
як кожны
чуе
сябе
самога
адно не чуе
падарожніка
што крочыць з ім
сёння