Гэты дзень — нібы знойдзены грошык,
На якім спатыкнуўся прамень...
Падзівіся: наколькі харошы
Наш, украдзены ў вечнасьці, дзень!
I няважна, што хутка заслоніць
Радасьць вабную хмарка нуды.
Дзень сьцякае па чуйных далонях,
Каб застацца ў душы назаўжды.
Час ня ходзіць па крузе, па сьледу,
Гэты дзень больш ня ўбачыць Зямля...
I таму мне ня хочацца ведаць,
Што было і што будзе пасьля.