Не расціце крыўды сад.
Пашкадуйце глебу.
Падыміце свой пагляд
ад зямлі да неба.
Вас аблашчыць залацень
сонейка. А зоркі
паразгоняць чорны цень
па-над поўні коркай.
Ім адтуль усё відаць—
нас усіх, усякіх:
і хто сее дабрадаць,
і хто— злыя "бякі".
Ды нябёсы дораць свет
кожнаму— пароўну,
хто б ні быў ты— пустацвет
ці бутон шыкоўны.
І залева ўсіх і ўсё
поіць, незалежна
ад таго, як хто жыццё
нішчыць ці кунежыць.
Гэткім чынам вучыць Бог:
у жыццёвых цернях
не збіваць нікога з ног,
а любіць— бязмерна.
А таму, сястрыца, брат,
каб не мець неўрозаў,
Не садзіце крыўды сад.
Лепш разводзьце розы!