Думай нуднай, нядрэмнай
Не азмрочвай чало.
Так, жыцьцё недарэмна
Нас мілосьцю звяло.
I калі па свабоду
У нязнанасьць пайду,
То вярнуся заўсёды,
Каб адпрэчыць бяду.
Мне пасобіць у гэтым
Сьвет, які я люблю, —
Не бяз толку паэты
Засяляюць Зямлю.
Толькі жудасьць прысьніцца,
Напалохае змрок, —
Як ля шыбы сінічка
Свой падасьць галасок.
Толькі зманіцца вусьціш
Засьціць новы твой дзень, —
Як сьвітальныя вусны
Пацалуе прамень.
Незагойную больку
Сум няхай не дзяўбе...
Я памру не настолькі,
Каб забыць пра цябе.