Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ночцы

Сярэдняя: 4.5 (15 галасоў)

К табе, мая ночанька цёмная,
І к вам, мае зоранькі-кветкі,
З паклонам іду, непрытомны я,
І клічу вас, клічу за сведкі.

Пасведчыце, як мне тут маецца
Ў маёй адзіноце, нядолі,
Як сэрца ў грудзях разрываецца,
Як плача душа без патолі.

Пасведчыце там перад мілаю,
Як тутка па ёй я журбую…
Мо хоць над маёю магілаю
Я водклік ад мілай пачую.

К табе ж, брат мой, вецер, звяртаюся
З закляццем-прысягай такою:
На смерць і жыццё прысягаюся,
На шчасце сваё маладое:

Мілей мне яна і ад сонейка,
Мілей ад маіх сноў дзяціных,
Ад красак квяцістага гонейка,
Ад песень вясной салаўіных.

Вось гэты заклён з загаворамі,
Ты, ветру, мой шчыры дружача,
Дамчы к маёй мілай за горамі
І кінь ёй пад ногі – хай бача!..