Як белы бэз,
сама вясна
пад клёкатам бусліным —
такое светлае імя
ў цябе,
мой край любімы!
О, Беларусь,
твой лёс —
мой лёс,
і нават болей…
Для сэрца песня —
Нёмна ўсплёск,
і васілька
звон ціхі ў полі.
І бель
чаромхі і акацыі,
і ў садзе пошчак салаўя..
І ўсмешкі шчырыя дзіцячыя…
О, Беларусь!..
Былінная…
Люблю цябе
за чыстае імя,
За цуд-куточак Белай Русі,
што з Нёмнам зліўся
ў сонцы дня, —
адтуль іду,
туды вярнуся…