Асеньняя шчымлівая дарога,
I ты — неспадзяванкай незямной.
Я пра цябе ня ведаю нічога...
Пабудзь са мной.
Пабудзь са мной...
Ня я шапчу, а лісьце,
Што шаргаціць у сутані лясной.
Было вясёлым і яно калісьці...
Пабудзь са мной.
Якая далеч мгліцца за плячамі,
Якая высь над першай сівізной!
А мы ніколі гэтак не маўчалі...
Пабудзь са мной.
Нішто мяне ня ўсьцешыць...
I ня зьдзівіць...
Ты будзеш самай лепшай навіной.
Вачэй тваіх адтайваюць ільдзінкі...
Пабудзь са мной.
Чым станем потым мы ў вялікім сьвеце:
Зямлёй,
Травой
Ці зоркаю скразной?
Прамень надзеі не згасае, сьвеціць...
Пабудзь са мной,
Пабудзь са мной...