Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Паэма "Ноч зімовая"

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

1

Шмат калісь было на нашых землях
Гора і няшчасця і нягод,
Дзіўныя паданні ў пакаленнях
Праз стагоддзі захаваў народ.

Ў сказах захавалісь таямніцы,
Пра якія не пісаў ніхто.
Час ідзе і трэба падзяліцца,
Не згубіць каштоўнае звяно.

Некалі, у часе ліхалецця,
Праз Радзіму нашу ворагі ішлі,
Забіралі жыцці, як суквецці,
Што увесну толькі расцвілі.

Ні старых яны не шкадавалі,
Ні дзяцей маленькіх, ні жанчын.
На Усход ішлі, ўсё руйнавалі,
Здзеквалісь з народа без прычын.

Хіба добры людзі не хацелі
Мірна, ціха і спакойна жыць?
Ворагі ж адчайна вар’яцелі,
Мелі мэту знішчыць і забіць.

Хлеб спалілі, знішчылі пасевы,
Хутары ў агні былі вакол.
І шалелы чорныя павевы,
Падаўшы на высмалены дол.

Безупынку чуўся плач дзіцяці,
Нехта у трызненні паміраў,
І стагнала ўся зямелька-маці,
Жыццяў многа чорны лёс забраў.

Гвалт і страх, агонь і разбурэнне,
Знішчаныя нівы і сады
Ў сэрцах нараджалі абурэнне
Ад усенароднай той бяды.

Час ішоў, пачаў народ збірацца,
Бо не мог ён крыўду дараваць.
Полымем страшэнным разгарацца,
Сталі сэрцы, каб бяду змагаць.

2

У гушчарах і пушчах вялікіх
Гінуў вораг, знікаў без слядоў.
На балотах шырокіх і дзікіх
Смерць збірала чужых ваяроў.

У Масковію рухалась хмара,
На рахунку іх безліч ахвяр,
У расейскай сталіцы навала
Напаткала страшэнны пажар.

Ўсё гарэла, палацы і храмы,
Людзі знішчылі свой родны дом,
Каб не кінуць у рукі аблавы,
Падпалілі да неба агнём.

Не дасталася катам багацце,
Рабаваць не было ўжо чаго,
І трагедыі чорнай пракляцце
На іх лёсы каменнем лягло.

Не было ўжо над чым валадарыць,
Пуста, гола, вакол чорны дым,
Невядома пра што было марыць
У тым часе нямым і глухім.

І тады у аблозе гвалтоўнай
Вораг трапіў пад моцны удар,
Былі сілы ў тых бітвах няроўны,
Як паднесла прырода свой дар.

Ад Масковіі кінуўся вораг,
Зноў імкнуўся на Белую Русь,
Ды зіма раскідала свой полаг,
Саматканы марозны абрус.

Закавала дарогі і долы,
Пазавеяла гурбамі шлях,
Разаслала шырокія полы
На палеглых варожых касцях.

І прымала ў халодныя воды
Ціхаплынная Беразіна
Тых людзей і масты і падводы
Апускала да чорнага дна.

3

Той, хто выжыў, на Захад імкнуўся
І шукаў паратунку, як мог,
Нібы тварам к жыццю павярнуўся
Сярод нашых забітых дарог.

О, Жыццё! Беражыцеся, людзі!
Не рабіце нікому бяды!
Хто з нас ведае, далей што будзе,
Праз бліжэйшыя дні, ці гады.

Не рабіце нікому ліхога,
Атуліце аховай жыццё!
Не парушце завету святога,
Бо саміх паглыне забыццё!

Не імкніцеся ў землі чужыя,
Не рабуйце, як звер у лясах!
Не паганьце крыніцы жывыя,
Не прыносьце з сабой смертны страх!

Угзадайце, што час наш кароткі,
Не марнуйце яго для вайны!
Не аб тым клапаціліся продкі,
Каб нашчадкі не змылі віны!

Бо заўсёды прыходзіць адплата,
Хоць яе не чакае ніхто.
Лёс не выдасць на водкуп дуката,
Калі нехта пазычыў на зло!

І бывае, што сэрцы людскія
Жудкай помстай заўзята гараць,
Стануць думы, як дзёгаць, густыя,
І імкненняў нічым не стрымаць.

Ліха дзеецца, помста ахопіць,
У вачах, бы пякельны агонь
Жар нязгасны вугаллямі топіць,
Не падставіш і блізка далонь!

Вось пра гэта і наша казанне,
Справядлівая праўда жыцця.
І не змые святое літанне
Тых падзей, і не дасць забыцця.

4

Па-за рэчкаю вёска стаяла,
На ускрайку ляснога шатра.
Ціха раніца дзень пачынала,
Дзесьці голас гучаў са двара.

Нехта рупіўся, дбаў аб рабоце,
Даглядаўся, ці двор прыбіраў,
Працаваў селянін у ахвоце,
Але гора ўжо добра зазнаў.

Бо нядаўна нядобрыя людзі
Прыняслі горкі лёс у наш край.
А хто ж хлеб для жыцця сеяць будзе?
Хлеб – святое! Жыві, ці ўмірай.

Селянін да вайны не ахвочы,
Яго сэнс у працоўных руках.
Не спачыне да позняе ночы,
Пакуль стомы не будзе ў плячах.

Лёс, аднак жа, бывае кручоны,
І ад мірнае працы сваёй,
Хоць і вельмі душой засмучоны,
Чалавек у смяротны йдзе бой.

За хацінку сваю, за калыску,
Сэрца любай і дзетак малых,
Дзедаў крыж, што далёка і блізка,
Самых родных, жывых і святых.

Так ад хутара слых дакаціўся,
Што назад тыя войскі ідуць,
Моцна білі іх, нехта спыніўся,
А каторыя бегам бягуць.

І дакладна, што хутка ўжо будуць,
Трэба ўсім гартавацца ізноў,
Бо сяляне ніяк не забудуць
Смерць і жахі, і слёзы, і кроў.

Ды якая сялянская зброя,
Косы, камні, сякеры, цапы.
І наважылісь біць смертным боем
Хлебаробы, касцы, кавалі.

5

Праз туман ішлі чорныя цені,
Мелі зброю, хоць выбілісь з сіл,
А сяляне лічылі імгненні,
Не баялісь заўчасных магіл.

Грымнуў выбух, другі, тады трэці,
Пачалася разня навакол.
Бы снапы стала ворагаў трэсці –
Пад цапамі валілісь на дол.

Хоць стралялі яны, забівалі,
Дух народны заўсёды дужэй!
Абяззброілі іх, пазмагалі,
Але сэрцам не стала лягчэй.

І тады парашылі палонных
Ў велькі свіран заперці на ноч,
Было многа іх стомленых, сонных,
Павялі іх па-ціху наўзбоч.

У той час галасіла сяленне
Аб кармільцах забітых сваіх,
І гучала уночы трызненне,
Душы рэзала, мучыла слых.

Перамога не лёгка далася,
Не было весялосці ні ў кім,
А тым часам і ноч усчалася,
Узялася марозам ліхім.

Неба зоры свае раскідала,
Выплыў месяц сцюдзёны без хмар,
Поўнач помсту сваю гатавала,
Бледным колерам мыла абшар.

Белай беллю хаціны заслала,
Лёгкі вэлюм на лес узняла,
Бы адна яна толькі і знала
Пра пакуты і гора сяла.

Спі, засні, мая любая вёска,
Белы сон хай прысніцца табе,
Заўтра будзе ўсё горка і проста,
Ты заўсёды адна у бядзе.

6

Стала ясна старэйшым мужчынам,
Што па хатах палонных не ўзяць,
Не пагрэць іх пры свеце лучыны,
Бо пакойнікі ў хатах ляжаць.

Бо нядаўна яшчэ рабавалі
Тыя нелюдзі наш родны дом,
Здзекі неслі, агонь, гвалтавалі…
Як жа ў хаты мы іх павядзём?

І пакінулі ў свіране катаў,
Прагучаў ім страшэнны прысуд,
Так прыйшла да забойцаў адплата
За скрываўлены просты наш люд.

Хоць ніхто не хацеў помсты гэтай,
Але так ужо склаўся іх лёс.
Ноч была, як нявеста адзета,
Балам правіў у цемры мароз.

О, злачынная, грэшная справа!
Будзь заўсёды праклятай, вайна!
Ні багацце, ні скарбы, ні славу,
Смерць адну ты даеш піць спаўна!

Адрываеш ад працы штодзённай,
Топчаш збожжа і квецень садоў,
Чорнай хмарай ідзеш вераломнай,
Пра цябе не знайсці добрых слоў!..

Ціхім ранкам усё стала ясна,
Шэрань срэбрам убрала прастор.
Падымалась свяціла назгасна,
А у сэрцах таміўся дакор.

Ды паснулі чужынцы навекі,
І не прыйдуць ніколі ізноў.
Час імкнецца ў бурлівыя рэкі,
Сведчыць людзям пра тайны вякоў.

І пра тое нашчадкам казалі,
Вусны ў вусны ішоў пераказ,
Каб пра горкую праўду ўсе зналі,
Ад дзядоў пераняўшы той сказ.

7

З таго часу год дзвесце мінула,
Не адна пракацілась вайна.
Толькі памяць людзей не заснула,
Для наступных усё зберагла.

І жывуць у народзе казанні
І жадаюць усе аднаго,
Каб страшэнныя тыя прызнанні
Не шукалі парадку свайго.

Каб вясна расквітала багата,
Мірна рэчка на поплаў ішла,
Абразамі свяцілася хата,
Чуўся ў небе званок жаўрука.

Сэрцы прагнулі хвіляў спаткання,
Водар хвоі п’яніў у бары,
І шапталіся словы прызнання
Ў час салодкай вячэрняй зары.

Каб гулялі вясёлыя дзеці
На шырокім квяцістым лагу,
І у сонечным радасным свеце
Збожжа ткала узор васільку.

Ясным спевам шырокая песня
Сэрцу спелую радасць нясла,
Сярод яблынь і белых чарэсняў,
Нібы водар вясновы плыла.

Ціхім быў кожны ранак і вечар,
Дзень працоўны прыносіў свой плён,
Хлеб духмяны быў гонарам печы,
Красаваў на вятры сіні лён.

Гэта скарбы жыцця дарагія,
І аснова і сэнс усяго!
Так вучылі калісьці святыя,
Беражыце, шануйце яго!

***
Беларусь, дарагая Радзіма!
Праз стагоддзі ты крыж свой нясла,
І святому цярпенню вучыла,
Праўдай Божаю перамалга.