А памятаеш лязо вачэй?
Абдымкі марозныя шчырых начэй.
Адчуць. Дакрануцца. Хутчэй!
Падняцца ў аблокі.
Гарачыя шчокі,
Вусны на шыі,
Рукі, што ў сораме палка душылі.
Па-здрадніцку насцеж адчынены брамы.
Нясцерпныя шрамы
На сэрцы і спіне.
Здавалася, крок і загінем.
Вусны ў салодкай атруце,
Аскепкі пачуцця
У скрываўленай бітай душы.
Ток паміж пальцамі,
Словы ў дрыготкай цішы.
Скажы,
Ты памятаеш гарачыню?
Тваю й маю?
Чую-ня чую, але адчыню
Наросхрыст. Сябе.
Сарвацца ў пагоню.
Пякучай далонню
Па твару прызнанні твае,
Што так да адчаю любіла.
А памятаеш мяне?
Не?
Ну то і я цябе забыла.