Ў інтэрв'ю прэс-сакратар агучыў тэму:
"Эканомія ў дзяржаўны кашалёк,
Інавацыя ў судзебную сістэму -
Пенапластавы судзейскі малаток.
Тэндэр, тэрміны, фактуры, дзяржзамовы,
З панядзелка рассылаем у суды.
Вось цяпер дык загучыць закона слова"
(Хоць і зробіцца цішэйшым, чым заўжды)!
І інструкцыі пад роспіс, і загады:
"Асцярожна класці, моцна не сціскаць,
Далікатна стукаць, берагчы прыладу,
Каб ударам, не дай божа, не зламаць."
З таго часу і пануе у краіне
Прававы інавацыйны навабуд.
Негрунтоўны, але безапеляцыйны
Пенапластавы, прабач Феміда, суд.
На паседжаннях ціхютка: б'е рахмана
Свежазроблены судзейскі малаток.
Маўчаць сведкі, бо не хочацца абманваць,
А падсудных не пытаецца ніхто.