Першая маршчынка
Сьлед свой правяла...
Дзе ж мая дзяўчынка,
Што, як мак, цьвіла?
Той, хто поплеч крочыць,
Зблізу не відзён.
Коціцца клубочак
Мітусьлівых дзён.
За ягонай ніткай
Толькі пасьпявай,
Ды ня падай ніцма:
Калі што — трывай!
Але ўсё ж нікому
Не мінуць пары,
Як паклічуць з дому
Звонкія бары.
Павуцінак срэбра
Нагадае нам —
Давяраць патрэбна
Кожным новым дням.
Адцьвітае верас —
Ява ў ціхім сьне.
А лісьцінцы веры
Доўга зелянець.