Сяджу над плацінай, як Бог над сусьветам,
Вясёлка ўнізе між пырскаў мне сьвеціць.
Уверсе каметы – як авіяшоў -
Па парах ляцяць, паглядзі, проста шок.
Вада аглушае, як выступ Грэнд Фанка,
Хоць гэта Пліса, а ня арыі Ганга,
Сваёй гіпнатычнасьцю вабіць, як Вій,
Гучаць мае модлы: не ўкрадзі, не забі.
Дарэмныя толькі мае хваляваньні,
Плаціна пра іншае думае ўраньні:
Калі першы промень кранецца вады,
Ты надпіс убачыш, які праз гады
Выразна ільсьніцца на засаўцы шлюза -
«Люблю цябе Таня». Няма ўжо Саюза,
Няма тых людзей, што плаціну ўзьвялі,
А надпіс жыве й будзе жыць на зямлі.