Аэрапорт.
Паласаты мяшок,
Напяты дыханнем пагоркаў ліловых.
Антэна і домік. I рыжы стажок,
Увенчаны конусам жэрдак яловых.
З спякотным трымценнем, нібы страказа,
Лятун-лапатун апусціўся з узлеску.
I вокам янтарным сівая каза
На крокі людскія глядзіць па-біблейску.
З вазоў і машын
Землякі паняслі
Пакункі дарожныя з пылам дарожным.
Ўжо стала звычайным, зусім не трывожным —
Вось тут адарвацца ад ціхай зямлі.
Зямля даспяліла ранеты і мёд,
Садамі і мёдам запахнуць нябёсы.
Ў адкрытыя дзверцы,
Туды, ў самалёт,
Ляцяць безбілетныя жоўтыя восы.