Слабее зрок.
Цішэюць рухі.
Пара спакою настае.
А след жыццёвай завірухі
не растае,
не растае.
Ляжаць застылыя сумёты,
хоць вецер з поўначы аціх.
Ужо не растрывожаць іх
званочкі свежае лістоты.
Гадамі натаптаны снег
не загурчыць у ручаінах.
Ды ва ўспамінах,
ва ўспамінах
жывуць,
жывуць
і плач, і смех.
Часіны радасці і скрухі –
усё з нябыту паўстае…
Не растае,
не растае
след перажытай завірухі.