Смелы рыцар
Жыў на свеце смелы рыцар,
Многа па зямлі хадзіў,
Складна баіў небыліцы,
Смачна еў, салодка піў.
Не баяўся анікога,
Як па свеце вандраваў,
Перабіў пачвараў многа,
І нідзе не сумаваў.
Ранкам на каня сядае,
На прыволлі ўдаль імчыць,
Любая у след махае,
Просіць за сабой сачыць.
Не баіцца рыцар звады,
Не баіцца цёмных чар,
Зайздрасці, князёў улады.
Дажджавых на небе хмар.
Дзень яму – кірмаш пры замку,
Ноч – бяседа ля кастра,
Прыйдзе свята – на гулянку,
Ад цямна і да цямна.
Неяк раз яму прыпала
Цераз кладбішча ісці,
Цемра дзікая спрыяла,
Надавала жудасці.
Заскрыпела, зашумела,
З-пад скляпення лез мярцвяк,
У каго б душа самлела,
Рыцар кажа: “Ну, ты як?”
- Што чуваць, чаго не спіцца?
Па што лезеш на зямлю?
Мо хацеў са мной пабіцца?
Дык я слабенькіх не б’ю. –
Анямеў прывід няшчасны,
Люцыпара праклянуў,
У скляпенне хутка шаснуў,
І ціхенечка заснуў.
- Во паскудства! Во дзівацтва!
Хоць бы з кім пагаварыць! -
У сядло запрыгнуў хвацка,
А здалёк святло гарыць.
Калі свеціцца акенца,
Значыць там карчма гудзе,
Грукнуў колькі раз у сенцы
І насустрач хтось ідзе.
Глядзь, а там русалак поўна,
Прыгажуні на падбор,
Валасы – часана воўна,
Плацці – залаты убор.
Для парадку павітаўся,
Крышачку пачырванеў,
Апасля і сам назваўся,
Ды за столікам прысеў.
Ён, вядома, хлопец зграбны,
Сам румяны, чорны вус,
Дужы, малады, прывабны,
Словам – братка-беларус.
Папрасіў сабе вячэру,
Шклянку добрага віна,
А тады вачам не верыў,
Пачалася тут вайна.
Хоць русалкі то і нечысць,
Але ж дзеўкі, як ні як,
За мужчыну б’юцца, енчаць,
Кудлы рвуць ды толькі так!
- Цьфу на вас! Вядома, бабы! -
Не вячэраўшы пайшоў,
Вёў каня цераз ухабы,
Так і ранак надыйшоў.
Ой, гарыць нешта, палае!
Змей Гарынавіч ляціць,
Долу грымнуўся, кульгае,
І паўзе да рэчкі піць.
- Ты чаго адтуль зваліўся?
І адкуль такі сушняк?
- Братка, ўчора так напіўся,
Што не адыйду ніяк.
Першай башняй піў шампано,
А другою самагон,
Трэцяю смактаў старанна
З бочкі піва наўздагон.
Галавы то тры канешне,
А сярэдзіна адна,
Памажы мне, друг сардэчны,
Будзе слава і хвала.
Ну, ты ж ведаеш, галовы
Адрастаюць у мяне,
Адсячы, хай будуць новы,
Можа хоць мігрэнь прайдзе!
Я тады усім засведчу,
Што мяне ты перамог,
Над ракою пакалечыў,
Рэзаў з галавы да ног!
Толькі ўжо нідзе не ляпні,
Што мяне зялёны змей
Пацягнуў у свае лапы,
Распракляты ліхадзей.
А то скажуць змей на змея,
Гэта проста каламэс!
Ну, давай жа, дабрадзею!
Пачынай хутчэй працэс! –
Ляснуў рыцар, выйшлі воды,
Адвалілась галава,
Ды ад смеху той прыгоды,
Рагатаў ён тыдні два.
Замянілі змею башні,
Той шчаслівы паляцеў,
Нават гэты раз не кашляў,
Не чыхаў і не хрыпеў.
Стомлены шыбуе рыцар
Да двара ідзе свайго,
Мілая у гульку спіцы
Закалола, дждэ яго.
У руках яе качалка,
Вочы злосныя гараць,
То відаць, што будзе сварка,
Перабранка так сказаць.
- Дзе бадзяўся, з кім любіўся?
Ўжо забыўся на мяне?
Кажуць ночку весяліўся
Ты з русалкамі ў карчме?
- Любая! Праўдзіва слова!
Да русалак я ні-ні!
Конь дакажа! Глянь, падковы
Барабаняць па зямлі!
То пацвердзяць ваўкалакі
І вампіры зуб дадуць,
Паклянуцца вурдалакі,
Нават ведзьмы не ўпікнуць.
Чысты я перад табою,
Для цябе адной жыву,
Кінь праявы неспакою,
Пашкадуй мяне, прашу.
Вось прынёс табе каралі,
Завушнічкі, ланцужкі,
Хораша б цябе прыбралі
Ізумруды, персцянькі.
Захапіў я цуда-кветку
І Жар-птушчына пяро,
Македонскага манетку,
Золата і серабро… -
Доўга ён яшчэ прасіўся,
Улагоджваў, цалаваў,
Што нідзе не валачыўся
Чыстай праўдай даказаў.
Вось такі быў смелы рыцар,
Жыў, кахаў. Ні даць, ні ўзяць,
У паходах – навальніца,
Перад жонкай – ціш ды гладзь.