Сонмы сусветаў — нібЫ машкара
ў праменні
сонца, якое раптоўна іх выяўляе.
Толькі што вось не было, а праз міг —
раенне —
быццам узімку заснуў, а прачнуўся ў маі.
Блізка — як свет мурашыны і так
далёка,
так недасяжна, што вопыт-назола кажа:
"Не, немагчыма ніводнаму ў свеце воку
ўсіх незлічоных тварэнняў раі заўважыць!"
Сотні, мільёны, трыльёны—
як кроплі ў моры —
бачна-нябачныя Нешта — ўнутры і звонку —
шчыльна ў жыццё ўпакаваны жывой прасторай
рознага кшталту — ад грубай да самай тонкай.
Ўсюды: ляцяць, сутыкаюцца і... лунаюць —
быццам шары, што ў більярдзе кіём разбілі.
Штосьці адзін у адным назаўжды змяняюць —
і... разлятаюцца зноў, як часцінкі пылу.
Плачуць, смяюцца, раўняюць у сэрцы "збоі",
вучаць "урокі" і робяць па іх высновы.
Некія з іх так падобны
да нас з табою:
любяць і вераць.
І твораць сусветы —
словам.