Спомін лета мроіцца далёкі –
Чэрвень аксамітам запылаў
Я суніцы еў з тваёй далонькі,
Вуснамі тваімі запіваў
І п’янеў, нібыта ад настойкі,
І ляцеў я зноў і зноў здалёк
На блакітных воч тваіх вясёлкі,
На агонь, нібыта, матылёк...
Развялі нас розныя дарогі,
Шмат гадоў ад тых часін прайшло...
Я суніцы еў з тваёй далонькі -
І смачней ніколі не было.