Рыба губляе луску -
Сталь дамагаецца цела.
Па мэталёвым пяску
Рыба зьнямогла ляцела.
Чуеш - як скрыгат расьце,
Воды стаўбурацца ў гудзе?
Безьліч сьмяротных асьцей
Рэчцы патрапілі ў грудзі.
Бачыш - хвалюецца сталь,
Срэбныя воды ўскіпаюць?
Чайка і хлопчык-вудаль
Марна ратунку гукаюць.
На мэталёвым пяску
Сьлед пісягом застаецца.
Рыба, згубіўшы луску,
Блешняй сама абярнецца.