Свет блакітна-ружова-зялёны,
Ды ўсё меней у сталасці свят.
Паглядзець бы мне ў час заімглёны,
Як з арбіты глядзіць касманаўт.
Перад часам, калі расставацца
З родным долам, з гушчарам людскім,
Я хачу хоць здаля прывітацца
З тым нябачным патомкам маім.
У вачах будзе сіняе неба
Ці смуга палявой нематы?
Усё ад нас. Зберагчы сёння трэба
Больш святла, цеплыні, дабраты.
Касманаўты бяруць у кабіну
Толькі тое, што дорага ўсім.
Груз няўдач і памылак пакіну
На мяжы — лістападам сухім.
Хай маланка вясёлая спаліць,
Ліўні выметуць пад сіняву.
Не хацеў бы нічым я запляміць
Вас, патомкі, ў якіх ажыву.