Сябры сяброў — заўсёдныя сябры
і для мяне. І Бог у нас — адзіны.
На Беларусі з даўняе пары
на тое назва маецца: сябрына.
Не ў грамаду — для справы, не ў кагал —
у круг сяброў прыязных і сябровак
нас нехта звыш абраў і аб'яднаў —
і парадніў сугуччам думак-словаў.
І, распісаўшы партыі для ўсіх,
настроіў струны (фібры?) камертонам —
калі і выдых кожнага, і ўдых
гучаць для ўсіх сваім, асобым, тонам.
Цяпер мы разам — сэрцавы аркестр,
альбо ансамбль душэўных інстументаў.
І, хоць у зале шмат свабодных мест,
парой не-не й грымнуць апладысменты.
Але яны — не гонар для таго,
хто адыграў канцэрт не дзеля ружаў,
а дзеля сябра — блізкага, свайго —
каб той шапнуў: "Як добра! Дзякуй, дружа!"