Ён вечна турбуе пытаннем: "Ты як?"
"Ты як?" —
і чакае адказу...
Хоць знае, "тыяка",
(адзначаны факт!):
ніхто і ніколі,
ні разу,
яму не паскардзіўся ў горы-бядзе
і ў шчасці не выказаў "радо"...
А ён усё роўна свой допыт вядзе.
І ўвесну, і ў час лістападу,
і ўзімку, і летам,
і ноччу, і днём
паглядвае і наглядае:
"Ты як?" —
улязае між явай і сном.
"Ты як?" —
бы святар спавядае.
І маецца,
маецца,
маятны дух,
і кружыць
няўпынна,
і кружыць...
І гэты нястрымны
размераны рух
душу іспытуе
(і вушы!):
"Ты — як?"
А і праўда ўжо, думаю, — як?"
Ці так я жыву, як належыць?"
"Ці так?" —
перайначвае "песню",
"Ці так?" —
наглядчык-гадзіннік
на вежы...