Так зыркаюць
вачэй маіх звяркі.
Збіў з панталыку,
раздражніў і цешся.
Як вочны цвет
запаланіў гуркі,
нібы сівец
запаланіў грудкі,
заечым хмелем
апавіта сцежка.
Заечы хмель,
а ў кніжках пішуць —
вязель.
Ёсць рыфма ў песні:
будзеш ты, мой вязень,
пеленгаваць, як баравое рэха,
мой голас. А каб вобраз мой насіў
у сэрцы, не пасохнуў дзівасіл
па нізкіх берагах азёр і рэкаў.
Расце ў лугах
гаючы цвінтарэй.
Букет гаючых зёлак назбіраю.
Калі з’яўлюся, сэрца замірае?
Хай замірае, пакуль да раю...
Па цвінтарэй,
кахай і не старэй.