Тутака ні літасьці, ні веры,
А жыцьцё – няўтульная турма,
Сектар працы, камера кватэры,
Калідор грамадскага ярма.
Тут жывуць раптоўна і заўчасна
І часьцей ад ночы да відна…
Тут, пад бесьсмяротным
“флагам красным”
Пунсавее профіль пахана.
Месца тут на нарах мае кожны,
Ці магчымасьць іх займець хаця б.
Толькі вось рабом тут стаць няможна,
Бо ад нараджэньня кожны раб.
Тут адно: да неба ўзняўшы вочы,
Крочыць да свабоды напрасткі…
Бангалор, Кастрычніцкая плошча…
Сёньня Шлях ты абярэш які?