Ты ўцякла ў мае сны, а імя – засталося,
каб, адрынуты, сэрцам не згас без пары я.
Сярод іншых пяшчотных імён шматгалосся –
водгук мары нязбытнай у слове: Марыя.
Так, ад мары ў ім штось – як інакш растлумачыць
дарагое імя, з пэўным зместам і сэнсам?
Мара... марнасць... І нават – мана!.. Гэта значыць:
сумаваць па цябе і кахаць – толькі сэрцам...
Ты ўцякла ў мае сны; ані ў думцы, ні ў слове
не ўваскрэснуць ні скаргі, ні крыўды старыя.
Вечна юная, быццам ты з вечнасцю ў змове,
як імя твае з вечнасцю ў змове – Марыя.