У нашай вёсцы не было сабак,
Што пільна сцерагуць сады і дачы.
I я здавён
супроць сабак — слабак,
Не разумею нораў іх сабачы.
...Вось ён ідзе,
не зводзячы вачэй
З рыпучых весніц,
як з варот дзяржавы,
I на касматай шыі валачэ,
Нібы граніцу,
свой ланцуг іржавы.
Ён поўсцю адчувае:
гаспадар
Не раз з акна за ім цікуе коса
I недзе прыхаваны шчодры дар —
Нікім яшчэ не грызеная костка.
Ах, гэты непаўторны смак касцей,
Заслужаных нялёгка,
недармовых!
Ён з-за яго кідаўся на гасцей
I нават на дзяцей гаспадаровых.
Ён добра знае:
за празмерны спрыт
Ніколі на яго злаваць не будуць.
І ён гырчыць на ўсіх,
начэй не спіць,
Ад слоты не хаваецца у буду.
З нянавісцю ў ашчэраных зубах
Ён адпаўзае з косткаю пад дрэвы...
...А ў нашай вёсцы не было сабак.
Вяскоўцы штось не мелі ў іх патрэбы...