Ад імя і без даручэння
Дробным катам былых часоў
Гэта змрочнае прысвячэнне,
Гэты выбух ажыўшых слоў.
Хто забіты, хто – напалову,
Губіць час невядома дзе…
Мы ж не лезлі вам у галовы
І не кралі вашых ідэй,
Мы ж не лезлі вам у кішэні,
Не бурылі вашых муроў.
Дык чаму мы для вас – мішэні?
Дык чаму мы накшталт звяроў?
Мы ж не лезлі ў вашы душы,
Каб сумленней стаць і цвярдзей,
Вашы душы – гнілыя грушы:
Дакранешся – будзе смярдзець.
Вы глядзіце вачыма шклЯнымі,
Як у дохлага жабяня,
Але ж МЫ ляжым пастраляныя –
Цішыня…
Ветры нам паніхіду выюць,
Але ўсё, што вам трэба ведаць:
Нашы душы заўжды жывыя -
Ні драпіначкі, ані сляду.
15.01.2020
Дзякую за рэдактуру гэтага верша шаноўнаму Міколу Адаму, загадчыку аддзела паэзіі часопіса "Маладосць"