Вусны ўзносяць да неба — а iхны
язык па зямлi валачэцца.
Псальм 72:9
У вуснаў ёсць дамова з языком.
Пра гэта змоўчыць цiшыня нямая.
Язык трымацца мусiць пад замком,
А неспасцiжны ключ душа трымае.
Бо вусны — вусце думкi,
Што сама
На выйсце просiць у душы дазволу.
На думку кратаў i замкоў няма.
Бянтэжыць думка ерась i крамолу.
Душа — гняздоўе
Прыцемку й святла.
Хто ўзважыць,
Што ў душы пераважае.
Не раз палону тлен перажыла
Душа.
Яна й твая табе чужая.
Часовыя,
Не ведаем, калi
Душа пакiне нас,
Як думка высi.
Але язык не вiнен па зямлi,
Як пуга пастухова, валачыся...