Лесам,
полем
красавік
ходзіць без сцяжыны.
Ажно бачыць –
снег не знік
з цёмнае лагчыны.
Красавік яму:
- Чаму
не ўцякаеш з логу?
Праляжаў усю зіму,
час ужо ў дарогу.
Дык не будзь
упарты гэткі,
цеплыні чакаюць
кветкі…
Снег не белы,
снег счарнелы,
хоць аселы,
але смелы:
- Мне па густу гэты кут
у лясах сасновых.
Праляжу спакойна тут
да завеяў новых!..
Красавік,
каб скончыць сварку,
на падмогу кліча хмарку:
- Хмарка,
хмарка,
набяжы,
снег сагнаць мне
памажы!
Прыпыніла хмарка бег.
Сыпле дожджык часты.
І пабег
з лагчыны снег
ручайком блішчастым.
Красавік адразу ў смех:
- Знік нарэшце
ўпарты снег!
Ды ў адказ звінеў ручай:
- Ты зімой мяне страчай!
Я скарыцца не магу,
я да мора дабягу.
Узнімуся
з мора парай
і зраблюся
снежнай хмарай,
каб па небе,
без дарог,
зноў вярнуцца ў гэты лог!..