Лёс нас, магчыма, сутыкне
Пад гул вакзала,
Ды ці пазнаеш ты мяне?
Хаця б пазнала.
Бо толькі погляд не зачах -
Такі ж гарачы:
Прыгледзься, і ў маіх вачах
Сябе ж убачыш.
Калі ўзірнуцца ў глыбіню -
Не лгуць паэты -
Убачыш зайчыкі агню
І два партрэты.
А каляровы кожны з іх
Ці проста шэры,
Залежыць ад вачэй тваіх
У поўнай меры.