Вачыма дзіцяці альбо мудраца,
які затрымаўся ў маленстве,
зірні на сусвет праз "гало" дзьмухаўца —
і ўгледзь
ува ўсім
падабенства.
Ва ўсім, што народжана ўлоннем зямлі
пад сонейка-ліўня наглядам:
што ўранні квітнее — так хораша! — і...
злятае...
увечар...
ападам.
Знікае кудысьці "нікім і нічым",
пагнанае ветрам-вазніцай
у дальнюю блізь
і ў блізень-далячынь,
каб потым...
ізноўку...
з'явіцца —
па промніках сонца,
па нітках дажджоў,
па "чырканню" жнівеньскіх знічак...
у новае "быцьма" —
адвечнае шоў —
аднойчы...
парой маляўнічай...