Сьпяць сузор’і ў задыяку,
cьпяць гароды і заводы,
сьветліць месяц круглай сракай
навакольную прыроду.
Дрэваў мяккія абрысы,
крыку адзінокі сполах...
Бы ў пятлі, павук павіснуў
рыхтык на малюнках школьных...
І ў такі адчай кідае,
у такі накдаўн глыбокі,
што жывеш у гэтым краі
гультаём і абібокам,
што няма ў табе геройства
і духоўнага пачатку,
што ня прагнеш волі мноства
аддавацца без астатку.
Там – будоўлі ды гадоўлі,
вэрхал корманарыхтовак,
дні сьвяточнае сваволі,
ночы доўгіх панажовак.
Там усё, а тут нічога,
там плады, а тут абломы –
ой, ты, genіus убогі,
эх, вы, гены-храмасомы!
Так і пражыву бязмэтна
бескарысным маргіналам,
разьліковым дзяржбілетам
нулявога наміналу.
Бо ўнутры ня боль-маркота,
не зьняверанасьці тля –
пруць знутры няспынна ноты:
умца-умца, гоп-ля-ля,
ад якіх ніяк ня сьпіцца;
ты вярэдзісься пад коўдрай,
і Марфэй, нібы лісіца,
пранікае ў мозг употай.