За шырокімі дзвярамі —
Звышшыкоўны кабінет,
На сцяне ў дубовай раме —
Дзеда Леніна партрэт.
За сталом — магутней дуба —
Камуніст ці дэмакрат?
Толькі важна дуе губы —
Як пячатка... Бюракрат!
Адчыніла бабка дзверы,
Падалася да стала
З пакамечанай паперай...
Адчуваецца — з сяла.
— Мой начальнік, галубочак,
Мне калгас не дапамог,
Памажы хоць ты, сыночак:
Для каровы — сена стог.
Шчэ зіма, мароз, завеі,
А стары мой захварэў.
Я прасіць вас не умею...
Як палена, голы хлеў.
Акуляры выцірае
Найвялікшы самы «бог»:
— Хто пусціў цябе, старая,
На райкомаўскі парог?
I старую выпер з «храма» —
Ледзьве ногі пацягла
Са слязой далей ад хама
Да кароўкі, да сяла...
Толькі лета неўзабаве
Расквітнела, загуло...
Горад плечы ўраз расправіў
I рвануўся у сяло.
Вела, мота і машыны —
Прэ калона на вярсту...
Каля брамы раптам чынна
Прыпыніўся нейкі туз.
З «Волгі» вылез, пацягнуўся,
Нібы кот на прызбе той,
I звярнуўся:
— Гэй, бабуся,
Я зайшоў на сырадой...
Мо нальеш, старая, шклянку,
Буду ўдзячны удвая.
Сырадой люблю я зранку,
Хоць вядзерца вып’ю я...
— Прынясу, што за размова,
Пачакай, мой ясны пан,
Падаю схаджу карову
І налью хоць цэлы збан.
Акуляры выцер чынна
I падняўся на парог —
He начальнік, не мужчына,
А вялікі самы «бог».
Вынесла вядро старая,
Сырадой — да берагоў...
«Бог» старую сустракае
Ветлай шчырасцю багоў.
— Пачастуйся, —
Бабка кажа, —
Паглядзі, які надой...
Толькі вось, зараза, дужа
Сенам пахне сырадой.
Ты мяне прыпомніў, мілы?
He спытаў, як і завуць... —
I вядзерца, што ёсць сілы,
Бух яму на галаву!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Лезе прымаўка ў радок
(Мудры пасмяецца):
Як гукаецца, браток,
Так і адгукнецца!