Хто ўпершыню назваў цябе плакучай,
Самотная вярбіначка-вярба?
Відаць, вялікім горам быў засмучаны,
Нязмернаю была яго журба,
Калі ў табе, датуль незаўважанай,
Сябе самога раптам распазнаў,
Як некалі дзікун, спасцігшы занава,
Што сутнасць і людзей, і дрэў — адна.
I што даецца толькі тым жывучасць,
Хто годны ў муках сцвердзіць сваё «я».
Ці не паэт назваў цябе плакучаю,
Вярба мая, сястра мая?