Азвярэлі надта ж газавыя трубы,
Барэль нафты захістаўся ў цане.
Не сумуй і не адчайвайся, мой любы,
Каб сагрэцца, прытуліся да мяне.
Мы не пойдзем абіваць парогі ў ЖЭСе:
Я ж не хворая, і ты яшчэ здароў;
у нас спрадвеку, дзякуй Богу, на Палессі
Дастаткова біяпаліва і дроў.
Ананасы колькі б там ні каштавалі,
Асаблівае не бачу ў тым бяды:
Пражывем з табой на драніках і сале
Ды зап'ем глытком калодзежнай вады.
Шампіньён супрацьпаставім мандарыну;
Глянь - на выгане іх безліч ля ракі.
У іх ніколі не было халестэрыну,
А ў нас без пестыцыдаў агуркі.
Пакармлю цябе блінцамі на смятане_
Да кароўкі, бач, з даёнкаю іду.
Ты мяне не абыйдзі сваім каханнем,
А ўжо крызіс ад цябе я адвяду.