Тоне вёска ў пахах ландышаў і бэзу,
Поўня срэбра разлівае з вышыні,
Ды ніякага ў жыцці мне інтарэсу:
Без цябе мае цякуць дарэмна дні.
Не хавайся, мая радасць, за фіранку,
Ноч такая, што засне хіба глухі.
Ці ж не чуеш, як амаль што да світанку
Я насупраць тваёй хаты рву мяхі?
Столькі песень для цябе ўжо мною спета...
Не марнуй сваю дзявочую красу.
Загадай, і я цябе да сельсавета
На руках, хоць і далёка, занясу.