Вятры мае,
Сябры мае!
Шуміце, вейце на ўсю сілу,
Каб толькі гул,
Каб толькі свіст;
Зрывайце шэрасць з небасхілу,
Змятайце з дрэў пажоўклы ліст,
Каб больш было ў вачах блакіту,
Каб насцеж свет — пад скразняком;
А я насустрач лавам выйду
He флюгерам, не ветраком.
Няхай на катарзе бяссоннай
Былое мелюць ветракі, —
Хачу адчуць, як дышуць сёння
Скуластыя мацерыкі.
Па ўсіх,
Па ўсіх шляхах хадзілі
Са мной вы, добрыя вятры,
Раздзьмухваючы не кадзілы,
He самавары, а кастры.
Кастроў і лісцяў калыханне,
Наплыў азёрнай сінявы...
Маё апошняе дыханне
З сабою панясіце вы,
Вятры мае,
Сябры мае!