Выгод
Паэты на зямлі не маюць,
Той — замаўчыць.
Той — рана упадзе.
У Грузіі паэтаў паважаюць
I любяць іх,
Бадай што, як нідзе.
Муры струхлелі,
I цары знямелі.
Я тым шчаслівы,
Што і я ў гасцях
На той зямлі,
Дзе песня Руставелі —
Паэзіі высакароднай сцяг!
Сваім паэтам —
Сам я быў за сведку —
Дарылі людзі
Ўсмешкі і вянкі
I абдымалі так,
Як тых, хто йдзе ў разведку,
У самы цяжкі час — франтавікі.
Паээія — пяшчота і надзея,
Паэзія — прадонне і абвал,
Узняць паэтаў да нябёс умее,
Каб часам кінуць іх на пікі скал...
Выгод
Паэты на зямлі не маюць,
Але спяваюць,
Але ўсё ж спяваюць...