Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Выспа скамянелых жанок

Яшчэ не ацэнена

Ён доўга блукае па Траецкай гары.
Шукае каханую.
Недзе за спінаю скаліцца Хлусаў мост ,
а тут, на сціхлай вуліцы,
залітай рассеяным святлом ліхтароў,
ён углядаецца наперад…
прыглядаецца да бруку…
Бліскучае каменне,
нібыта ільсняны кот,
дурэе,
ловіць кіпцюрамі
спалоханыя кроплі дажджу
і думае, што гэта жывыя істоткі.
Кроплі скачуць паўсюль:
па дахах, па адлівах,
каля ног.

…А калісьці
ў Афганскіх цяснінах
так хацелася піць.

Дождж.
Злева ‒ скамянелыя вочы жанок.
Направаруч жа, у падваротні,
то смяецца,
то круціць стары патэфон
рэха.
Вабіць цёплым вокам карчма…

Змоклае да ніткі паліто
ён павесіў побач з парасонам
у вялікія памяранцавыя кветкі.
Абтрусіў капялюш.
Шчодрая чарада кропель рассекла
ўтульнае паветра «Старавіленскай»,
стукнулася аб падлогу,
разбіўшыся на мноства
мікраскапічных пацерынак.
А па іх ‒ афіцыянты,
сальса,
падэспань.

…А калісьці,
у Афганскіх цяснінах,
ратавала жыццё адна,
падобная на слязу каханай,
кропля.
Яна з’яўлялася ніадкуль,
як цуд,
як дар Багоў,
які неслі яны ў жмені
скрозь межы і адлегласці,
а потым шукалі яго
сярод усіх,
хто дыхае і не дыхае побач.

Цёпла.
Трапяткія агеньчыкі свечак
не адпускаюць позірк,
трымае духмяны водар глінтвейна,
лашчыць усмешка ўладальніцы парасона.

…А за дзвярыма,
у ядранай цемры вуліцы ‒
агеньчыкі
ў сэрцах скамянелых жанок.
На чорных хвалях Свіслачы
зыбяцца знічкі.
Дарэмна намагаецца дождж.
Не патушыць!

Кропля…
Адкуль?!
Нібыта дар Багоў,
які прынеслі яны ў жмені
скрозь межы і адлегласці,
і адшукалі яго тут,
сярод усіх,
хто дыхае і не дыхае побач.
Кропля!
Нібыта няўлоўны пацалунак
дакрануўся да скроні…

«Яна тут! Тут!» ‒
кінуўся ён…
да дзвярэй,
туды,
куды ўцякалі сляды на падлозе!
Кроплі!

Як доўга ён блукаў па Траецкай!..
За спінаю ‒ цёплае вока карчмы.
Забытае паліто
каля парасона ў вялікія
памяранцавыя кветкі.
Недзе ў падваротні
знямела рэха,
збянтэжанае крыкам пульсаў
чалавека,
які гукае каханую!

‒ Спыніся ж! ‒
вырвалася з грудзей!
‒ Спыніся-я… ‒
умяшалася рэха,
нібыта імкнулася дапамагчы чалавеку.

Яны ўслухоўваюцца
у пустэчу,
спадзеючыся пачуць адказ.
Яны ўглядаюцца,
свецяць ліхтарыкам тэлефона!

Халодна.
Вочы прывыкаюць да цемры…

Прад імі ‒
скрозь ціхі шэпт дажджынак ‒
выспа
скамянелых
жанок.