Я хачу прайсці па зямлі
Самым верным, любімым сынам.
Каб дарогі мяне вялі
Пад вятрамі прасторам сінім,
Каб нямоўчна ў мяне на плячах
Росным раннем спявалі птушкі,
Каб я кветкамі ўсімі прапах
Ад падэшваў да самай макушкі,
Каб легенды глухой сівізны
Мне з даверам дубы шапталі
I крыніц залатыя званы
Для мяне калыхалі хвалі.
Я хачу прайсці па зямлі,
Каб мне людзі сэрца адкрылі,
Слёзы шчасця і мазалі
Па-братэрску са мной падзялілі,
Каб мне роўную частку далі
Сваёй ношы нялёгкай пранесці
I свае галасы ўплялі
У мае няхітрыя песні...