Сцяпану Гаўрусёву
Забыта многае ў жыцці,
З дарогі змецена і змыта.
Мне ў жыта хочацца ўвайсці,
Мне вечнасцю здаецца жыта.
Вазьму шурпаты каласок
На чуйным провадзе саломы —
I адзавецца мне здалёк
Мой продак — сейбіт незнаёмы;
Жней невядомых галасы
Ўсплывуць над постаццю сухою.
Раскалыханы каласы
Густой паўдзённаю смугою.
Тут даспявае пад смугой
Зліццё надзей, жаданняў сумесь.
Гудзе жытнёвы провад мой —
Часоў былых і новых сувязь.
I даспявае далягляд
У трапяткім мембранным гуле.
Шукаюць рукі тых зярнят,
Каб нас таксама дзесь пачулі.