Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Захварэў парсючок

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

Захварэў парсючок,
лёг на левы бачок.
І на радасць
мушкам
не варушыць
вушкам.
І не водзіць лычам,
як яго ні клічам.

Ходзіць бабка па дварэ:
- Ой, памрэ!
Ой, памрэ!
Плача ўнучка Аня,
як у хлеў загляне.

Дзед
слязу ацёр з вачэй:
- Трэба доктара хутчэй!
І трушком
падаўся ён
пазваніць
у тэлефон.

Нездарма стараўся дзед,
клапатаў не марна.
Прыпыніў веласіпед
урач ветэрынарны.
Ён дастаў
фа-
нен-
да-
скоп
і крыху наморшчыў лоб:
- Гэта,
без сумнення,
лёгкіх запаленне.
Сродак ёсць у нас адзін –
увядзём
пе-
ні-
цы-
лін!
Шпрыц дастаў,
затым – іголку.
- Не тапчыцеся
без толку!..

Бабка з Аняй
тут ураз
запалілі
ў кухні
газ.
Над каструлькай –
колцы пары.
Шпрыц выварваецца
ў вары,
каб ніводная
ба-
цы-
ла шкоды больш не нарабіла.

Толькі віскнуў парсючок,
як укол далі ў бачок.

Кажа доктар дзеду:
- Заўтра зноў прыеду!..
Два ўколы, тры ўколы –
парсючок ужо не кволы!
Акрыяў крыху нібыта.
Носам тыцнуўся ў карыта.
Гляньце!
Есць!
Ажно дрыжыць!
Будзе жыць!
Будзе жыць!

Ходзіць бабка па дварэ:
- Не памрэ.
Не памрэ!
Скача ўнучка Аня,
як у хлеў загляне.

Ходзіць дзед
зусім вясёлы:
- Дзякуй доктару за ўколы!