Апусцеў і сцішыўся вакзал,
Разамлеў перон ад летняй стомы.
Тут стралой Амура пранізаў
На ствале кляновым сэрца Томы
Некалі паклоннік малады,
А ўжо каб ніхто не сумняваўся,
Аб сабе пакінуў на гады
Лаканічны надпіс:"Тут быў Вася".
Можа, дзесьці парай галубоў
Уюць сваё гняздо Васіль з Тамарай,
А магчыма, Васіна любоў
Засталася недасяжнай марай.
А жыццё віруе - час такі;
Палатно зямнога існавання
Ткуць лакаматывы-чаўнакі.
І нясе нас дызель-працаўнік
Кожным днём руплівым і бясконцым
У шчодрых промнях ранішняга сонца
У жыццё кароткае, як міг.