Згубілі веру? У людзей?
А вам патрэбна вера тая?
Дык вось танцуйце: добры "дзей"
яе знайшоў і вам вяртае!
А сам у пошуках любві.
Яна цвіла ў яго. Калісьці.
Пакуль аднойчы — сэ ля ві —
не раструсіў, як вецер лісце.
Цяпер вось маецца, бядак,
у недарэчнасці рэалій.
Мо натыкнецеся няўзнак,
апавясцiце: "Адшукалі!"
І не праходзьце мімаходзь
у гразь убітага сумлення!
Былы ўладар яго стакроць
пашкадаваў пра "прабадзенне"
сваіх кішеняў. І душы.
Цяпер жабруе — ледзь не плача.
Дапамажыце! Не грашы
ягоны ўрон — "у рэчцы мячык",
а тое, што, як голас звыш,
было сапраўдным блаславеннем.
Дык, калі ласка, людзі, вы ж
таксама "сейбіты" "каменняў",
чыесьці знойдзеце — да нас
цягніце хуценечка! Згода?
Куды, пытаеце? У БАЗ —
Бюро Адказнейшых Знаходак!