Быў з драбочак,
стаў як струк
каларадскі
шкодны жук.
Сам разбух,
а ўсё яшчэ
лісце бульбіны
сячэ.
Як паб'е
ушчэнт націнне –
бульба звяне
ды загіне!
Рана-ўранку,
на світанку,
выйшлі мы
ў рашучы бой.
Хто вядзерца,
хто бляшанку,
хто збанок
узяў з сабой.
Я іду –
за крокам крок,
кожны мацаю лісток.
Жук,
другі
і трэці жук
б'юцца ў донца –
тук-
тук-
тук!
Дзесць штук,
пятнаццаць штук…
Не ўцячэ
ніводзін жук!