.. Раней, у дзяцінстве-юнацтве, у школьныя гады, любіў лета.
У дарослым жыцьці ўпадабаў восень. За яе сьцішанасьць-памяркоўнасьць, скупое восеньскае (ведае сабе цану напярэдадні хуткіх зімовых халадоў!) сонейка...
А хіба можна з чым параўнаць жоўта-аранжава-чырвоныя, залатыя сполахі восеньскага лесу!..
Седзячы на пяньку пасярод брусьнічнай паляны (сам калісьці выведаў-знайшоў гэтае месца), сочыш, як плывуць аблокі-хмары. Вецер сваволіць — абсыпае сухою ігліцаю (здалёк — нібы сьнежная крупа сыпецца).
На лясной сьцяжыне шмат-шмат сьлядоў ад капыточкаў маленькіх дзічкоў-парасятак — відаць, вярталіся гэтай дарогай з начной вылазкі на ўжо ўбраныя бульбяныя палеткі ля вёскі...
Недалёка ад маёй брусьнічнай паляны дапялі-знайшлі на балоце, што завецца Гарэлым, ладны лапік журавінаў на купінах. Буйныя, сьпелыя...
Балота сёлета сухое, вады нямашака нідзе, дзікі рыюць паміж купінамі з багуном і дурнічнікам — шукаюць хоць гразі... Купіны нібы ўсыпаныя ягадамі — ірдзеюць у густой пажоўклай траве, на высахлым, і таму бялёсым, маху.
.. Лясное балота. Пішу, седзячы на паваленай сухастойнай хваіне, пасярод гэтага княства лясных зьвяроў: дзікоў, зайцоў, ласёў, сярод водару багуну, пад сьпевы-ціўканьне цікаўных птушак, што цікуюць за гэткім няпрошаным госьцем...
Ураган нахіліў высокую хвою, ледзь не паваліў. І ўпала б гаротніца, але, як ляцела, зачапілася за сяброўку (бадай, аднагодку), ударам зьнесла-зламіла той вярхушку ды й жыве-расьце сабе. А тая хваіна, што ўратавала яе, усохла. Вось як здараецца... Рыпіць-скрыпіць памерлая сястра пад цяжарам той выжыўшай хваіны...
Отправить комментарий