Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ізноў маляваць!

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Сябры! А давайце алоўкі свае, пэндзалёчкі
насыцім натхненнем (за тое Тварцу — "Алілуя!") —
і свет-замалёўку — абрысы радзімых куточкаў —
як дзеці малыя, наўзмах, ад душы размалюем.

Але угавор: эканоміць на фарбах не будзем.
Расквецім ярчэй гарадское бетоннае "зЕро".
Няхай у бязлікім, "па-людску" утвораным "цудзе",
як шэрань увесну, сплыве "абыякавы" шэры.

А чорны бы смоль ператворым у сочны індыга —
каб меней было на зямлі і самоты, і скрухі.
Каб стала лягчэй, далячынь аглядаючы, дыхаць
пад сенню лазурных нябёсаў вясны-весялухі.

Паболей, паболей ружовага і залатога!
І фарбы блакітнай занадта "шкадобіць" не трэба!
Няхай расцвітае надзея, каханне — і з рогу
ліецца струмень дабрадаці на прагную глебу!

Зялёным і жоўтым таксама б няблага "папырскаць" —
на клейкае лісце, травічку і сонейкі кветак.
Няхай разнаквеццем спявая ўсялякая рыска
зляцеўшага знекуды птушкай імгненнага лета.

Увосень увесці б кармінны і спелую охру —
і сэрцы пралекаваць красак апошніх адценнем.
Каб, гледзячы з сумам на луг, пасівеўшы і ссохлы,
без слёз адпускаць жураўлёў адлятаючых цені.

А потым — зіма. Халады. І нікуды не дзецца
ад першага лёду, ад першай "сусветнай" завеі,
ад зімняй красы, што зіхціць і нашэптвае сэрцу:
"Мяне ўвекавеч! Я табе давяраю! Смялее!"