Зямля бацькоў, ты зажурылася,
Няма той радасці ў вачах,
Нібы да плоту прытулілася
З дрыготкай хіласцю ў нагах.
Вось хатка ў садзе ‒ пакасілася,
Няма каму збіраць апад,
Чарэшня долу пакланілася ‒
Няма шляхоў у той май, назад.
Зямля бацькоў, ты развіталася
З апошнім прывідам вятроў,
Што поўняць ветразі барвовыя,
Юначых мрояў і шляхоў.
Чаму ж так прыкра атрымалася,
Апошні выкрык жаўрукоў…
Сцяжынка ў жыце ‒ абарвалася…
Нам не сустрэцца тут ізноў.