Здзейснілася мара дзяцінства,
стаю на краі зямлі…
Так і ёсць: за беражком ‒
зорны россып у неабсяжнай прасторы,
там ‒ незямной чысціні святло,
да якога мы так імкнуліся патрапіць,
пэўна, далей ад хлусні дарослых.
«Краю зямлі не існуе»
сцвярджалі некаторыя з іх.
Цяпер я ведаю, яны не хлусілі.
Яны паўтаралі тое, чаму іх навучылі тыя,
хто іх навучыў
хлусіць.
Навучылі…
І яны перасталі марыць.
І яны перасталі думаць.
Яны
перасталі…
Хтось маўчаў. Не ведалі што сказаць.
Аднак гэта падбухторвала
на вялікія пошукі.
І толькі дзівакі,
на якіх круцілі пальцам каля скроні,
упэўнівалі:
«Шукайце, і знойдзеце».
І мы пайшлі, благаслаўлёныя
дзівакамі.
Ім
чамусьці
хацелася верыць.
Тады мы не ведалі, што шлях будзе
доўгім і цяжкім.
Хлусня ‒
нібыта каменныя кайданы на нагах,
нібыта ланцугі, якія ўеліся ў крылы,
скавалі грудзі.
А хацелася дыхаць.
А хацелася крочыць
вольна.
Дзе дзеліся сябрукі?..
Кожны пайшоў сваім шляхам,
а я вось…
прыйшла.
І ўжо раскрыла б крылы,
ды ланцугі не пускаюць,
ды кайданы цяжкія.
Не адпускае
навука зямная.