Нарадзіўся 31 сакавіка 1952 года ў вёсцы Чарняўка Хоцімскага раёна Магілеўскай вобласці. Пасля заканчэння Бабруйскай школы-інтэрната № 1 (1969) паступіў у Маскоўскі энергетычны інстытут, праз два гады перавёўся ў Маскоўскі інстытут інжынераў сельскагаспадарчай вытворчасці (скончыў у 1975 г.). Працаваў майстрам на будаўніцтве электрападстанцыі ў Бураціі (г. Улан-Удэ), інжынерам-электрыкам на нафтаперапампоўваючых станцыях нафтаправода «Дружба» (г. Наваполацак), інжынерам-наладчыкам у сістэме «Галоўтранснафта» (г. Гомель), інжынерам тэхнагляду на нафтаправодах поўначы Цюменскай вобласці (г. Наябрск). Сябра СБП з 1988 г. Жыве ў Вільні. Выдаваў газету «Рунь».
Пачаў выступаць у рэспубліканскім друку з вершамі ў 1980 г. (газеты «Гомельская праўда», «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Сурма» (1985), «Расколіна», прозы «Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў» (1994), а таксама дзіцячых кніг. У 2007 годзе Мінкін атрымаў літаратурную прэмію Таварыства вольных літаратараў «Гліняны Вялес» за кнігу вершаў «Пенаты».
Пераклаў вершы Ц. Норвіда, Б. Лесьмяна, Л. Стафа, П. Грабоўскага.