Нарадзіўся 22 сакавіка 1911 года ў мястэчку Хоцімск Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў электраманцёрам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце разам з будучымі паэтамі Васілём Віткам, Сяргеем Грахоўскім, Міколам Аўрамчыкам. Разам з імі у 20-я гады ХХ ст. уваходзіў у бабруйскі філіял літаратурнай арганізацыі "Маладняк”. У 1936 г. закончыў нямецкі факультэт Маскоўскага інстытута замежных моў, пасля чаго пэўны час працаваў асістэнтам на кафедры. Далей былі восем год службы ў савецкім войску — перакладчыкам, інструктарам палітаддзела. У 1941-1942 гг. удзельнічаў у баях пад Арлом і Масквой, будучы памочнікам начальніка разведаддзела штаба аднаго з паветрана-дэсантных карпусоў. Затым у якасці інструктара армейскага палітаддзела прымаў удзел у баявых аперацыях на Волхаўскім і Ленінградскім франтах. Пасля вайны загадваў аддзелам паэзіі часопіса "Полымя”.
Першы верш быў надрукаваны ў 1927 годзе ў бабруйскай акруговай газеце "Камуніст”, а праз пяць год, у 1932 г. з’явіўся ў свет першы зборнік паэта — "Эпічныя фрагменты”. У пасляваенны час выдаў кнігі паэзіі «Дняпроўскае рэха» (1946), «Арліная крыніца» (1947), «Наш сын» і «Світанскія сады» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Залатое дно» (1955), «Праз бурныя парогі» (1957), «Пасылка ў рай» (1960), «Размова з сэрцам» (1961), «Вяртанне на зямлю» (1966), «Мая асяніна» і «У дарогу» (1973), «Талоны на бяссмерце» і «Пераклічка гадоў» (1974), «Каля вячэрняга кастра» (1979), «Трывожная госця» (1986). У 1965 г. выдадзена кніга апавяданняў на расейскай мове «Вересковый мед», У 1985 г. — кніга ўспамінаў, крытычных артыкулаў, нарысаў «За словам-падарункам». У 1969 і ў 1981 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Перакладаў з расейскай, украінскай, летувіскай, нямецкай, польскай, лужыцка-сербскай моў. Асобнымі кнігамі выйшлі зборнік А.Туманяна «Казкі і легенды» (1958), паэма К.Данелайціса «Чатыры пары года» (1961), балада А.Міцкевіча «Свіцязанка» (1976) і кніга выбраных перакладаў «У свет па песні» (1978).
Сябра СП СССР з 1935 г. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і медалямі.